«ЧАРО́ЎНАЯ ФЛЕ́ЙТА»
(«Zauberflüte»),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць падпольшчыкаў, партызан і насельніцтва г. Мінска 17—22.4.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі паліцыі бяспекі і СД генеральнай акругі Беларусь, 2-га ням. паліцэйскага палка, батальёна 23-га палка СС, асобага батальёна СС Дырлевангера, узмоцненай штабной роты, 12-й танк. роты, часцей вермахта (2800 гітлераўцаў), ахоўных чыг. падраздзяленняў, групы запасу і палявой жандармерыі. Горад быў падзелены на 6 частак, кожную з якіх блакіравалі карнікі. Фашысты прачэсвалі жылыя дамы і руіны, правяралі цягнікі, з горада нікога не выпускалі. На зборныя пункты было сагнана каля 52 тыс. жыхароў; мужчын 14—60 гадоў і жанчын 16—45 гадоў забіралі для вывазу на працу ў Германію. У час аперацыі патрыёты наладжвалі ўзбр. супраціўленне.
т. 17, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)